
Учора музей Максіма Багдановіча наведала самая зорная беларуская матуля – да нас у госці завітала Валянціна Эдуардаўна, маці беларускага касманаўта Алега Навіцкага. Валянціна Эдуардаўна пазнаёмілася з экспазіцыяй музея, даведалася чаму Максіма называюць касмічным паэтам, паслухала вершы.
Супрацоўнікі распавялі маці касманаўта пра свае мары аб зорцы ў гонар Максіма Багдановіча і аб тым, як мары здзяйсняюцца, – паштоўка з партрэтам паэта дзякуючы Алегу Навіцкаму пабывала на арбіце , вярнулася дадому і зараз захоўваецца ў музеі.
На адвароце паштоўкі знакаміты верш Максіма з надзвычай важнымі і актуальнымі словамі: нашто на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор...
Сустрэча з Валянцінай Эдуардаўнай Навіцкай адбылася напярэдадні Дня маці, які адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка. Сімвалічна, што да гэтага свята ў Чэрвені, на радзіме касманаўта, у горадзе, дзе зараз жыве яго матуля, хутка адбудзецца адкрыццё выставы “Мілая мая Марылька…”, прысвечанай маці Паэта.