Хай вецер пяе ў роднай зямлі: выстава да 95-годдзя з дня нараджэння Барыса Аракчэева


… У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды…

Максім Багдановіч

Вядомы беларускі мастак, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч мастацтваў, дацэнт Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Расіі, а лёс звязаў яго з Беларуссю. Тут, у Мінску, ён атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Стаў вядомым выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў.

Знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца яго карціны − “Гады вучобы ў гімназіі”, “Апошняя вясна ў ліцэі”, “Дом у Яраслаўлі на вуліцы Любімскай, дзе з 1912 па 1914 гады жыла сям’я Багдановічаў”, “Яраслаўль. Сажалка ў Карабісе. Па сцежках М.Багдановіча”.

На выставе “Хай вецер пяе ў роднай зямлі” прадстаўлены мастацкія творы і асабістыя рэчы Барыса Аракчэева, якія раскрываюць перыяды жыцця мастака: студэнцтва, выкладчыцкая дзейнасць, майстэрня мастака. Экспануюцца краявіды і нацюрморты з кветкамі, якія выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, графічныя замалёўкі, заданні па чарчэнню часоў вучобы ў мастацкам вучылішчы. Упершыню на выставе можна ўбачыць некаторыя творы, сярод якіх “На плэнэры ў вёсцы з Віктарам Грамыкам і Аляксандрам Сямілетавым” (1951-1952), “Першы трактар” (1953) і іншыя.

Мастацкія працы Барыса Аракчэева – прыклад найвялікай любові да гэтай зямлі, да Беларусі. Яны, як сапраўдныя чараўнікі, умеюць спыніць Час, зафіксаваць Імгненне, захаваць Прыгажосць… І запрашаюць нас з вамі прайсці па слядах іх памяці…

Прэзентацыя выставы адбудзецца 28 мая 2021 года а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. (Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл.: (017) 379 42 69, (017) 363 07 61).

421